УЗ’ЯДНА́ННЕ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ З БССР,

акт гіст. справядлівасці, ліквідацыя падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921, што быў вынікам польска-сав. вайны 1919—20 (гл. Савецка-польская вайна 1920). Адбылося ў вер. 1939. У Заходняй Беларусі, якая на працягу 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, насельніцтва краю падвяргалася жорсткай сац. і нац. эксплуатацыі. Кіруючыя колы Польшчы не прызнавалі беларусаў як нацыю, праводзілі палітыку іх прымусовай паланізацыі і асіміляцыі. імкнуліся вывесці з ужытку само паняцце «Заходняя Беларусь», замяніўшы яго назвай «крэсы ўсходне». У Зах. Беларусі пасля далучэння яе да Польшчы вялася рэв. і нац.-вызв. барацьба, якую падтрымліваў урад БССР. У 1-й пал. 1920-х г. антыпольскі рух адбываўся пераважна ў форме ўзбр. партыз. выступленняў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). У маі—чэрв. 1926 створана 100-тысячная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя Беларуская сялянска-работніцкая грамада, якая да 1927 разгромлена польскімі ўладамі. Арганізоўвала барацьбу працоўных за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР у адзінай дзяржаве Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Пра непрыняцце бел. народам польскай улады і парадкаў сведчылі масавыя забастоўкі рабочых, узбр. выступленні сялян. Польскі ўрад жорстка душыў рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі. За ўдзел у ім пад рэпрэсіі трапіла больш за 30 тыс. чал., з іх каля 300 чал. прыгаворана да пакарання смерцю. Для ізаляцыі праціўнікаў рэжыму ў 1934 быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Магчымасць уз’яднання бел. народа была рэалізавана з пачаткам другой сусветнай вайны 1939—45, калі Польшча ў выніку нападу на яе фаш. Германіі пацярпела паражэнне, а польскі ўрад пакінуў краіну. У тых умовах паводле загаду сав. кіраўніцтва Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла сав.-польскую граніцу і заняла тэр. Зах. Беларусі (Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяв.) і Зах. Украіны, а таксама г. Вільню і Віленскі край. Да 1.10.1939 сав. войскі ўзялі пад кантроль беларускую этнічную тэр. Зах. Беларусі. Тут былі ўтвораны органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, узбр. атрады рабочых (рабочая гвардыя); у мястэчках і вёсках — сял. к-ты, атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. 1.10.1939 Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло пастанову «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», паводле якой склікаліся Нар. сходы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Яны павінны былі вырашыць пытанні аб дзярж. уладзе, уваходжанні ў склад СССР, перадачы памешчыцкіх зямель сял. к-там, нацыяналізацыі буйной прам-сці і банкаў. Народны сход Заходняй Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР, абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў. Было таксама прынята рашэнне аб устанаўленні ў Беластоку помніка загінуўшым змагарам за вызваленне бел. народа (не рэалізавана). 2.11.1939 нечарговая 5-я сесія Вярх. Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Зах. Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР Нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР (12—14.11.1939) прыняла Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у якім гаварылася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве». Гэтым актам была юрыдычна замацавана этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. (11.9.1990 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прыняў Указ «Аб аб’яўленні 14 лістапада Днём уз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР»).

Літ.:

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;

Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навукова-тэарэт. канф. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 3 (1928 г. — чэрв. 1941 г.). Мн., 2001.

У.​М.​Міхнюк.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)